МАДРЫ́Д УРТА́ДА ((Madrid Hurtado) Мігель дэла) (н. 12.12.1934, г. Каліма, Мексіка),
дзяржаўны дзеяч Мексікі. Скончыў Нац. аўт. ун-т Мексікі, Політэхнічны ін-т у Мехіка, Гарвардскі ун-т (ЗША). З 1960 на кіруючых пасадах у вышэйшых фін. установах і дзярж. апараце, у т.л. нам. міністра фінансаў (1972—73 і 1978), міністр па праграміраванні і бюджэце (1979—81). Прэзідэнт Мексікі ў 1982—88. Праводзіў палітыку аздараўлення нац. эканомікі, стрымлівання інфляцыі, барацьбы з беспрацоўем; у знешняй палітыцы выступаў супраць іншаземнага ўмяшання ў справы лац.-амер. краін. Пры ім Мексіка ўваходзіла (з 1983) у «Кантадорскую групу» па мірным урэгуляванні ў Цэнтр. Амерыцы.
т. 9, с. 492
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)